Жыве Беларусь!
[Most Recent Entries]
[Calendar View]
[Friends]
Below are the 20 most recent journal entries recorded in
zianon_pazniak's LiveJournal:
[ << Previous 20 ]
| Wednesday, January 4th, 2012 | | 10:06 am |
Генацыд беларусаў Вынішчэньнем беларусаў падчас 2СВ займаліся ўсе сумежныя і несумежныя суседзі. Вайсковыя і паў-вайсковыя адзінкі з немцаў, расейцаў, латышоў, палякаў, украінцаў, летувісаў. А таксама славакі, галяндцы, харваты, італьянцы (пад Гомелем), гішпанцы з Азур-дывізіі—Беларусь стала паляўнічай прасторай для ўсяе Эўропы. Нават свае яўрэі, ахвяры перасьледу самыя—і яны здолелі, вырваўшыся з гетаў, трапіўшы ў партызаны, вынішчыць пэўную, хоць невялікую, колькасьць беларускіх нон-камбатантаў.
Але першымі ў гэтай макабарычнай плясцы сьмерці таньчылі расейцы. Савецкія дзяржбандыты з адмыслова пакінутых партыйцаў, парашутныя НКВДысты, ашмецьце “непераможнай” Чырвонай арміі, байцы і камандзёры яе рэгулярных частак, уласаўцы з РОА, казакі, НТСнікі, гіль-радзівонаўцы, каміншчыкі з РОНА, проста крымінальнікі “братняга народу”—усе забівалі, рабавалі, гвалцілі. Правакацыйныя мэтады дзеяньня савецкіх партызанаў скарысталі немцаў як тую цыркулярную пілу, на якую сілком піхалі мірнае беларускае жыхарства. Пры гэтым Саветы цынічна заяўлялі: зьвяры-немцы за нішто забіваюць мірных беларусаў, і таму ім, гаротным, адна дарога—у савецкую партызантку.
Не зьдзіўлюся, калі акажацца, што на рахунку Саветаў—прынаймней 1 мільён з тых 2 мільёнаў 200 тысяч афіцыйна налічаных імі ахвяраў вайны у Беларусі. | | Tuesday, January 3rd, 2012 | | 12:39 pm |
Памятаць! Расейшчына і бяспамяцтва гістарычнае—апірышча сёнешняй д’ябальскай улады і людской млявасьці. Народу забілі ягонага бацьку, ягоную матку, і сталі вучыць апасьля: Вот твая мама, а вот твой папа. І чалавек вырастае манкуртам, і не падазрае, што ўсё ім патаптанае і абпляванае ёсьць спадчына ягоных сапраўдных бацькоў. А тыя, каго ён заве мама-папа (Расея і Савецкі Саюз) гэта нішчыцелі яго роду, і памяці аб ім. Кожны беларус—гэта Гамлет, які раней ці пазьней пачне шукаць праўду пра лёс свайго сапраўднага бацькі. Ці знойдзе, ці пасьпее—вось у чым пытаньне. Саветы і пост-Саветы лоўка трымалі высокім накал патэтыкі “Айчыннай вайны”—сканструяванай і сфальшаванай падзеі, хіба адзінай яднаючай рысы саўка, што змагла перажыць сам савок-- але якая разваліцца, як рэшта саўковых атрыбутаў, у сьвятле поўнай адкрытасьці і праўды. Гісторыя “Айчыннай расейскай вайны” у Беларусі будзе раскрытая ўсяму сьвету і самым беларусам як гісторыя вынішчэньня і катаваньня беларускага народу, наступствы якіх тыраняць і пляжаць Беларусь і сёньня. Без зацуглянай Лукашэнкам “Айчыннай вайны” ягоны палітычны воз разваліўся-б у імгненьне вока. | | Thursday, September 22nd, 2011 | | 9:46 am |
Кара сьмерці--ўласнаручна Прэзідэнтам.
Сьмяротная кара павінна існаваць. Яе зьнясеньне ёсьць прыдумка фальшывых лібэралаў (скарочана: флібэраў). Але прашу флібэраў не падскокваць ад радасьці, поручы Пазьняка пальцамі й узбуджана ўсклікаючы: “Аааа! Папаўся! Он жэ как Лукашэнко!” Жыцьцё—дар Божы, і ад продкаў да нас прыйшлі рэгуляцыі што да жыцьця й сьмерці. Калі купка флібэраў пачала пярэчыць гэтаму, асноўны пасыл зьнясеньня кары быў—“Не забі”. Фальшывае прыцягненьне ў дапамогу прыказаньня Божага. Але—прыказаньне не кажа: “Не забі ЗАБОЙЦУ”. Больш таго, Сьвятое Пісьмо скрозь аўтарызуе абарону жыцьця і стварэньняў Божых ад нападнікаў усімі даручнымі сродкамі. Другі пасыл флібэраў—“увесь цывілізаваны сьвет адмаўляецца ад кары сьмерцю”. Гэта таксама лухта. Кара застаецца ва ўжытку ў ЗША й шэрагу краінаў першага сьвету. Трэці пасыл —пакараным можа зрабіцца бязьвінны чалавек. І вось дзеля гэтага ўласна пішу гэты постынг. Каб падкрэсьліць сьвятаснаць Жыцьця, павагу да яго, і гарантаваць, што пры разглядзе справаў аб кары сьмерцю не застанецца неправеранай ніводная абставіна, ніводная дэталь-- варта зрабіць наступнае. Выканаўцам кары сьмерцю ПАВІНЕН СТАЦЬ Прэзідэнт (ці як па-іншаму будзе звацца першая асоба краіны—Вялікі Князь, Пяршун і г.д.). Менавіта гэты абавязак ураўнаважыць напоўніцу баланец правоў—і абавязкаў правадыра. Я заўсёды лічыў, што ўскладаньне на сацыяльныя нізы “бруднай” працы адабраньня жыцьця асобы, увядзеньне анты-прэстыжнай прафэсіі ката—нізка і баязьліўча для эліты і грамадства наогул. Прэзідэнт, як сымболь, адна з галінаў улады , "гаспадар" краіны--робіцца гаспадаром Жыцьця. Але таксама робіцца адказьнікам за Жыцьцё перад Богам і людзямі, і-- перад іншымі галінамі ўлады . І гэта стане надзейнай гарантыяй, што невінаватыя не будуць пакараныя. | | Thursday, June 30th, 2011 | | 10:47 am |
РЭВАЛЮЦЫЯ МУСІЦЬ МЕЦЬ МЭТУ Без акрэсьленай мэты рэвалюцыя можа быць толькі вялікім флэшмобам без выніку. Людзі цяпер маюць сур’ёзныя памкненьні. Бачная гатовасьць да арышту, штрафаў, перасьледу. Гэта не павінна быць змарнавана. Адзіная альтэрнатыва яшчэ адной паразе—УСЕАГУЛЬНЫ СТРАЙК. Патрабаваньне: АДСТАЎКА ДЫКТАТАРА. Пачатак страйку—3-га ЛІПЕНЯ. | | Wednesday, June 29th, 2011 | | 10:49 am |
ЦЁМНЫЯ ДЗЕСЯЦІГОДДЗІ— КОЛЬКІ ЯШЧЭ ДА РЭНЕСАНСУ ? Сталася ў апошнія 50 год: пералом, пераход скрайняй рысы. Выгадаваліся пакаленьні, што страцілі памяць, мову, звычай продкаў. Не цямяць яны ня толькі што ёсьць аброць, рэзгіны, радоўка. Яны ня ведаюць звычайных, некалі ўжываных словаў як суздром або цурок. Забытыя сьпевы і паданьні, стравы і строі. Забыты радавод, што канчаецца звычайна дзедам. Сёнешнія насельнікі Беларусі цалкам адрэзаныя ад тысячагадовай сялянскай цывілізацыі—той Беларускай Атлянтыды, якую агортваюць на нашых вачах воды нябыту і абыякавасьці. Цяпер для пераважнай большасьці насельніцтва беларуская сялянская спадчына—нязнаная, і ў дадатак апляваная. Дакладна як антычная спадчына для італійцаў і грэкаў у перад-рэнэсансныя цёмныя стагоддзі. Так як тады “думаючая кляса” была зацыкленая на імпартаванай рэлігіі, што актыўна адмаўляла антычнасьць, гэтак цяперака “думаючая кляса” ў Беларусі зацыкленая, асьлепленая імпартаванымі квазі-дэмакратычнымі тэорыямі, да нутраных хібаў каторых дадаецца яшчэ тутэйшая пра-расейская абэрацыя. Нікому і ў галаву ня йдзе, што толькі праз рэнэсанс тае Беларускае Атлянтыды--гэтак як праз колішні Рэнэсанс у Эўропе—паўстане Беларусь, што будзе вартая будучых пакаленьняў. Якая наогул будзе нечага вартая. | | Tuesday, June 21st, 2011 | | 10:48 am |
Аб бягучым моманце Тры рэчы фармуюць сацыяльна-палітычная сытуацыю ў сёнешняй Беларусі-- грамадская сьведамасьць, эканамічнае становішча, нацыянальнае самаўспрыняцьце. Дысбаланс у аднэй з рэчаў уплывае на дзьве астатнія.
Гэта значыць, што калі грамадзянін РБ мірыўся або нават быў у захапленьні ад эканамічнай палітыкі рэжыму, кпіў з “оппаў”, абражаў нацыянальныя сымболі, вякаючы: “сала-мяса-сала” ў сьпіну людзям з нацыянальнымі сьцягамі—раптам адчуў, што гэтая сацыяльна-палітычная сытуацыя даткнулася наўпрост да ягонага мяккага, тлусьценькага цельца!
І гэты грамадзянін (з малой літары) цяпер стаў--бач ты--нязгодны, каб ад яго сплылі ЯГОНЫЯ (скрадзеныя і пераразьмеркаваныя Лукашэнкам) грошы, каб паніжыўся ўзровень ЯГОНАГА жыцьця. Праз страўнік сыгнал дайшоў да галавы. У мазгох зашчоўкалі нэўроны, панесьліся сюды-туды розныя думкі. 17 год усё было ў парадку, пакуль рэжым разганяў дэманстрацыі, нацкоўваў ГБ і Амон на нязгодных, прыбіраў няўгодных і садзіў непадатлівых. Цяпер страўнікавыя ваяры выходзяць перакрываць памежпераходы, піпікаюць на сталічным прасьпэкце, выходзяць падзівіцца “чё там буіт” на флэшмобы. І зноў, як у ва ўсе кароткія перыяды “нязгоднасьці”, нацыянальнае самаўспрыняцье застаецца на расейскім Нулі. А бяз штуршка ад гэтага Нуля—ня стаць нашым людзям Грамадзянамі з вялікай літары.
| | Tuesday, December 28th, 2010 | | 1:25 pm |
Эліты Адкуль яны бяруцца? З інтэлігенцыі, у першую чаргу. Прыгледзімся да беларускай: 2 гатункі, тэхічная + гуманітарная. Тэхнары—як трубы, праз якіх цячэ, але не затрымліваецца. Як сьляпыя муляры, якія стагоддзямі кладуць акуратна цаглінка на цаглінку, раўняюць, пастукваюць, замазваюць швы. Але ня ведаюць, што будуюць, дзеля чаго будоўля. Таму веда ў тэхнароў не робіцца асабістай. Таму чалавек тут—інструмэнт, апарат. Хоць і больш складаны, чым арыфмомэтр або дамкрат. Гуманітарыі—затурканая, стыгматызаваная раса. На кожным рагу і пад кожным кустом ёй па-ленінску даводзяць, што яна—г**но. Што гуманітарыі--непатрэбныя марнатраўцы і нахлебнікі, “банцік збоку” на грамадстве. Апрацоўка ішла і йдзе так доўга, так грунтоўна, што не засталося аніводнага гуманітарыя, які-б на сур’ёз, на 100% адчуваў-бы сваю запатрабаванасьць у грамадстве. Ці могуць гэтыя касты зрабіцца грунтам прадукаваньня элітаў? Маральнай большасьцю, на якую-б арыентавалася рэшта грамадства? У сёнешнім стане, цяпер—не. Але у перспектыве—так. Неабходна дадаць толькі адзін адсутны кампанэнт—нацыянальны. І адразу ўсё стане на свае месцы. Адразу ўсё зрушыцца з мёртвай кропкі. Яно адразу пахісьне рэжым, і затым перакуліць яго. Рэжым пахісьнецца не раней за гэта. | | 10:08 am |
Наступнае Наступнае—зрынуць долу тырана. Узважыўшы падзеі апошніх 20 год знайсьці пункты сутыкненьня. Засяродзіць увагу і высілкі на галоўнай мэце—пакончыць з дыктатурай. Тэзісна кірункі працы: --Падрыхтаваць дэталёвы сьпіс (базу дадзеных) аб парушэньнях канстытуцыі і законаў, з 1994 г. --Вынесьці асобна і распрацаваць з прыцягненьнем юрыстаў, крыміналістаў, сьпецыялістаў па правах асобы ўсе эпізоды па зьніклых, па фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндумаў, па фальшывым сьведчаньні ў судах, па “заказных” судовых прысудах і зьняволеньнях; па ўсіх фактах ужыцьця сілы супраць мірных дэманстрацыяў. --Сабраць усю інфармацыю датычную Прэзідэнцкага фонду; камэрцыі пры Прэзідэнцкай адміністрацыі; фірмаў што ў фаворы ў рэжыму (сваякі, сябрукі і г.д.). --Зьвесьці разам базу дадзеных па прыватызацыі; па гандлі нафтагазам, каліем, зброяй; па трансакцыях з зямлёй і нерухомасьцю; па гешэфтах з замежнымі ўрадамі, фірмамі.
--Накрэсьліць па ўсіх фактах маральнае аблічча тырана (хлусьня, распуста, крывадушнасьць, крывавая помстлівасьць, казнакрадства--дзягі "гермес" па 10 тыс., залатыя гадзіньнікі , строі "брыёні", мэрсы і боінгі, выезды ўсім табарам у Аўстрыю, Сэрбію і г.д., 9 мільярдаў--у "нішчага".) Сфармуляваць асноўныя пазыцыі вышэй пазначанага як частку плятформы наступных палітычных дзеяньняў—каб мэта змаганьня нашага стала яснай і зразумелай кожнаму школьніку і кожнай пэнсіянэрцы, каб кожны меў сьціслы і ясны адказ на пытаньне: чаму Лукашэнка не мае права надалей кіраваць дзяржавай. Сумесна з гэтак жа сьціслай і яснай сацыяльна-эканамічнай праграмай тая плятформа стане Плятформай Перамогі. | | Thursday, December 23rd, 2010 | | 10:10 am |
СЬЛЯПЫЯ ПРАВАДЫРЫ
У жорсткім сутыкненьні быдлабальшавізму Лукашэнкі з эсэраменшавіцкім чыстаплюйствам Някляеваў і Саньнікавых вынік быў цалкам прадказальны. Выдаўся год 2006-біс, з цяпер ужо 5-цьцю прэзідэнцкімі асьпірантамі у якасьці новых Казулінаў на Акрэсьціне. Граблі псэўдалібэралізму зноў дзёўбнулі наступіўшых на іх. Характэрна агідная тая лагоднасьць, зь якой трактуецца маральная пачвара Раманчук. Залатвіўшы свае прыватна-сямейныя справулькі, ён гатовы назад у шэрагі байцоў--муціць ваду і пісаць лухценную публіцыстыку, што праходзіць чамусьці пад маркай эканамічных праграмаў. Такая сабе Ін’язаўская эканамічная тэорыя. Псэўдалібэралам (бо саўкі на самой справе, а ніякія лібэралы) чамусьці цяжка ўцяміць, што без нацыянальных каранёў, нацыянальных падвалінаў усе іхныя кувырканьні ёсьць марнаваньне часу (і грантаў). Урэшце гэтых Раманчукоў (разам з недаспажыўшымі Статкевічам, Міхалевічам, Рымашэўскім ды іншымі) чакае лёс Грыбоў-Мамонькаў, Чарновых і, каму пашэнціць—Керанскага. Народ жа павядуць далей будучыя НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ, засяроджаныя не на сіюмінутнасьці, а на ВЕЧНАСЬЦІ, лідары. Між тым псэўдалібэралы далей караскаюцца ўверх па штучным, сухім і без каранёў, дрэве расейскасьці ў Беларусі. Што чакае вас там наверсе, кгаспада? | | Friday, October 29th, 2010 | | 11:04 am |
КРЫХУ ПРА ДРУЖБУ НАРОДАЎ Разшчапіць жалезны хват расейскае псэўдакультуры на горле беларускага гармадства—пытаньне жыцьця і сьмерці нацыі. Доўгія гады у гулагу савецкага масс-культу паасобныя зьняволеныя культуры спрабавалі супрацоўнічайць, узаемна перакладаць на свае мовы найлепшыя творы. Сёньня, у выніку цемрашальскага, анты-інтэлектуальнага панаваньня саўгаснага пахана, Беларусь адрэзаная ад найлепшых дасягненьняў культуры як нашых суседзяў, так і рэшты народаў былога СССР-у. Усё і ва ўсім апанавала беспадзельна брыдкая і нізкая расейская пахабшчына. Сёньня расейскія “фэнтазі” і “шансон” працягваюць тую справую, якую ад часоў Мураўёва-Вешальніка рабілі расейскі штых і расейская школа. Супраяцьяддзем ад гэтае расейскае чмуты могуць і павінны стаць адноўленыя і ўзмоцненыя сувязі з народамі Эўразіі. Фінскае выяўленчае мастацтва, дагестанскія танцы, латыскія дайны, творы грузінскага кінэматографу, калмыцкі эпас “Гесэр”, музыка Узэіра Гаджыбэйлі, тувінскі хёўмэй (гарлавы сьпеў), пераклады з Гранта Матэвасяна, Васілэ Васілакэ, Юргі Іванаўскайтэ мусяць зрабіцца фактамі беларускай культуры. А літаратуры і культуры яўрэяў, татараў, палякаў—хто з нас можа пахваліцца добрым іх веданьнем? Справаў шмат, і ў вольнай Беларусі мовы польскую, ідыш, літоўскую і крым-татарскую будуць выкладаць у школах і на унівэрсітэтах. Сотні юнакоў і дзяўчатаў па абмене выедуць за межы Беларусі вывучаць культуры народаў-братоў у Грузію, Чувашыю, Казахстан, Латвію, Азэрбайджан, Буратыю, Сэрба-Лужыцу, Таджыкістан, Чэхію, Саха-Якутыю, Малдову, Кара-Калпакію, на расейскую паморскую Поўнач, у Баўгарыю, у Індыю (па нашыя агульныя індаэўрапэйскія карані). Яны вернуцца, каб стаць закладальнікамі падвалінаў сапрауды унівэрсальнай гуманітарнай адукацыі Беларусі—на беларускай мове, але з выкарыстаньнем усяго найлепшага, што стварылі прылеглыя да нас і не чужыя нам гістарычна народы. Ад фальшывага савецкага лёзунгу, праз сёнешняе невуцкае маўчаньне мы пяройдзем да—сапраўднай—дружбы і ўзаемаабагачэньня культураў з адной-адзінай галоўнай мэтай: раззьняволеньня і разьвіцьця сапраўды беларускай культуры у нашым грамадстве. | | Friday, October 15th, 2010 | | 11:56 am |
ЛІГА ПЛЮШЧУ ПА-БЕЛАРУСКУ: Пераход да адукацыі па-беларуску мусіць пачацца з з галавы, зьверху—як кожная адукацыя. Хрыбтом яе стануць Беларускія Унівэрсітэты, 3-4 элітныя мэрытакратычныя найвышэйшыя школы ў невялікіх, але багатых гісторыяй мястэчках Беларусі—на манэр Оксфарду, Кэмбрычу, Прынстану. Зрэшчы, кожнае мястэчка Беларусі—гэта калодзеж гістарычнай, пераважна схаванай інфармацыі, традыцыяў слаўнай мінуласьці. Скажам, такімі пляцоўкамі для сапраўднабеларускіх унівэрсітэтаў маглі-б стаць Асьвея, Ружаны, Вепрын, Ельск (АРВЕ). Белдзяржунівэрсітэт, дарэчы, мусіць быць перайменаваны ў Менскі Унівэрсітэт. Кожны з белунівэрсітэтатаў атрымае прэфэрэнцыйнае фінансаваньне ў параўнаньні да іншых, мусяць быць збудаваныя асобныя унівэрсітэцкія гарадкі на прыродзе, сярод лесу, а прылеглыя мястэчкі павінны атрымаць інвестыцыі ў інфраструктуру. Заробак выкладчыкайў і пэрсаналу павінен мець падвышальны каэфіцыэнт, жытло збудаванае па найлепшых сусьветных стандартах і выдзеленае з адпаведнымі ільготамі.
Усё гэта застымулюе пераезд у АРВЕ-лігу найлепшыя мазгі Беларусі. Лябараторыі, бібліятэкі, спартовыя ўсталяваньні мусяць быць для іх найфэцкія. Да спартовых спаборніцтваў у АРВЕ-лігу могуць быць дапушчаныя каманды унівэрсітэтаў, дзе большасьць выкладаньня прадметаў пераведзена на беларускую мову. Праз стварэньне блізу ідэальных умоваў навучаньня, АРВЕ-ліга стане авангардам беларускай навукі й адукацыі. Дзеля якасьці сваёй адукацыі выпускнікі АРВЕ-лігі будуць мець прэфэрэнцыю ў найме на працу. І ГЭТА ЎСЁ аб беларусізацыі адукацыі. Рэшта вышэйшых школаў пацягнецца да ўзроўню і да прыкладу АРВЕ-лігі, якая будзе задаваць тон. Адпаведна памяняецца і сытуацыя з школамі, дзіцсадамі. Бацькі пішчом палезуць запісваць дзяцей на беларускамоўную адукацыю, за стварэньне беларускіх школаў больш ня трэба будзе нікога агітаваць. | | Monday, September 13th, 2010 | | 12:52 pm |
ПРАДУКТ ПАЎРАСПАДУ
Спалучэньне маральнай пустэльні Саўка і маральнага “швэцкага буфэту” пост-савецкага часу выгадавала даволі цікавыя і разам вычварана-апрычоныя мутацыі людзей у Беларусі. Даволі працяглы час сачу за дзейнасьцю аднаго Андрэя Шумана (або Эндр’ю Скуманна, як ён часам падае сябе), minski_gaon. Спрабаваў агораць ягоныя “творы” па лёгіцы, з першых старонак відаць стыль спрактыкаванага кампілятара. Бярэцца набор абзацаў зь якога Вітгэнштайна, ключавыя словы ў ім мяняюцца на фразэсы якога Бурдзё, дадаюцца кавалкі зь якога Крыпке й Патнама і вось—чарговы шэдэўр “маладога лёгіка” з Рэспублікі Беларусь гатовы. Прычым гэтае “дарованіе” скатваецца да банальнага шарлатанства, якое чамусьці ва ўпор ніхто ня хоча бацыць. Глыбакадумна чухае патыліцу “мэтадоляг” Уладзімер Мацкевіч, Алена Гапава імчыць на сустрэчу зь ім; у дзёньніку “мінскага_гаона”--скрозь захопленыя супэрлятыўныя рэплікі. Ганячы ўсё беларускае, гэты пост-саўковы самазваны “гаон” (г.зн.: “галава талмудычнай акадэміі” або “выбітны вучоны”) з рэнтген-зрокам бачыць наскрозь усіх беларусаў і шкадуе іх як серую масу, у якой даводзіцца яму зьзяць дыямэнтам першай велічыні, невядома нашто. Пры больш уважлівым разглядзе гэты “дыямэнт” аказваецца танным шкельцам, але, бач ты (людзі што дзеці, дыяпазон увагі--карацей вераб’інага носу), гэта ня важна. “Удзельніктысячы канфэрэнцыяў!” “Аўтар ста артыкулаў і дзясятка кніг!” “Маем свайго геніюша!” Хоць гэта. Хоць нейкі прадукт. Прадукт паўраспаду саўка. | | Wednesday, September 8th, 2010 | | 2:32 pm |
ПРА АЎГІЕВЫЯ СПРАВЫ Сёньня важная дата гісторыі. Але думаецца вось пра што--ці не былі гігіенічныя прынцыпы нашых продкаў адным з відаў зброі, што дапамог прыпыніць навалу з усходу?
За стагоддзі расейскага і савецкага панаваньня шмат дзе ў роднай старонцы нашай з гігіенай справы былі “ня дужа”. І дрэнна пахла. На маёй памяці апафэозам гэтай прыкрай зьявы быў візыт у Слоніме, пасьля цікавай экскурсіі па горадзе, разам з латыскімі і польскімі сябрамі, у мясцовую рэстарацыю. Пад’еўшы даволі смачнага і насытнага абеду, госьці выходзілі “прагуляцца” у рэстаранную прыбіральню... Але вельмі хутка вярталіся. Сядзелі панура, не гледзячы адно на аднаго. Настрой і атмасфэра былі раптоўна сапсаваныя. Тое, што я ўбачыў у рэстараннай прыбіральні старажытнага беларускага гораду, не выпадае ўзгадваць на паперы. Ды, нажаль, гэта досыць тыповая і па сёнешні дзень зьява. Тыповае таксама ігнараваньне факту, што натуральныя чалавечыя патрэбы патрабуюць увагі! Магчыма нават дзяржаўнай увагі. Таму адраджэньне беларускага жыцьця павінна пачацца з нуля, з забесьпячэньня элемэнтарных жыцьцёвых патрэбаў. Жарты жартамі (“хахмачоў” хапае зь лішкам), але належная колькасьць чыстых, дагледжаных прыбіральняў—адна з істотных падвалінаў нармальнага і стабільнага існаваньня кожнай краіны. | | Sunday, June 27th, 2010 | | 9:32 am |
аб "шматнацыянальнасьці" Беларусі
ЦІ ШМАТНАЦЫЯНАЛЬНАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ? Адказ: Не. Беларусь ёсьць краінай Беларусаў. Была і будзе. У краіне гэтай жывуць прадстаўнікі іншых нацыяў. Гэта—нацыянальныя меньшыні. Іх прадстаўнікам павінны быць гарантаваныя ўсе правы і свабоды. На індывідуальным узроўні. У той ступені, у якой прадстаўнікі гэтых нацыянальных меньшыняў прызнаюць правы і свабоды нацыянальнай бальшыні--Беларускага этнасу і Беларускай нацыі, з усімі атрыбутамі іх. Усё астатняе—ад лукавага. | | Sunday, May 9th, 2010 | | 2:41 pm |
Зноў пра такзваны Дзень перамогі.
Яшчэ 80 з гакам год перад 1941-45, большасьць насельніцтва Беларусі, Расеі, Украіны былі прыгоннымі рабамі. Акт 1861 году не прынёс адразу зразумелых і адчувальных зьменаў. Тое-ж са зьменамі 1917 году. Прытым што ў 1931-1934 гг. тая прыкладна самая колькасьць насельніцтва, сялянства, трапіла пад яшчэ больш жорсткі, часта летальны (голад) прыгон. Таму кляпец у 1941 прыгоньніцкай бальшавіцкай улады быў беларускаму сялянству ясны і зразумелы. Спадзяваньне ў беларускага селяніна было адно: што савецкі прыгон не вернецца, і што зямля будзе вернутая сялянам. Саветы маглі супрацьствавіць гэтаму толькі стварэньне і максымальнае пашырэньне антаганізму паміж сялянствам і нямецкай уладай. Мэтад—чым горш тым лепш. Запачаткаваны партызанткай Саветаў, мэтад апраўдаў сябе ў Малаі, Алжыры, Віетнаме, Аўгане. Працягвае апраўдваць у тым жа Аўганістане, Іраку, Самалі. Рэгулярнае войска проста не стасаванае для паліцыйных акцыяў і вайны сярод нон-камбатантаў. Натуральна, што з дапамогай “партызанаў” і дэбілізму сярэдне-статыстычнага рэгулярнага вайскоўца, ахвяры сярод нон-камбатантаў растуць. Насельніцтва радыкалізуецца, суходзіць у лес (у джунглі, у горы і г.д). Розныя крыважэрныя Сталіны, Бэн-Бэлы, Хо-Шы-Міны, Муктады Ас-Садры паціраюць рукі. А потым, абмыўшы свае рукі, прапаноўваюць сваім падданым сьвяткаваць "Дні Пабеды". | | Monday, April 19th, 2010 | | 2:57 pm |
Пра беларускіх скаўтаў (волатаў)
Мусіць быць карэннае пераасэнсаваньне працы з дзецьмі. Скаўтынг--нацыянальны, да косткі, са сваёй назвай, самое слова "скаўт" не ўжываць. "Волат", прыкладам, будзе агульная назва; "лісоўчык", "касінэр", "віж", "цыпрук"--назвы для пэўных узроставых катэгорый скаўтаў-волатаў. Падрыхтавацца, каб выкладаць сялянскія веды: як касіць, як запрэгчы каня, як пахаць і г.д., народныя рамёствы, кавальства, дойлідства, і г.д. Практычнае стасаваньне—кірмашы і онлайн-крамы вырабаў (кошыкі, жбаны, ткальства, кавальскія і бондарскія вырабы). У коннай справе сувязь скаўтаў-волатаў з кавалерыйскімі адзінкамі войска. Арыентацыя на прыроду, негарадскую мясцовасьць, сялянскія рэчы. Пячная справа, выраб стрэхаў з гонту, саломы. Дапамога насельніцтву вёсак і мястэчак па рамонце дахаў, платоў і парканоў. Лясная справа—удзел у зьвязаных з ёй працах (пасадка лесу, дагляд лесу, дрывасецтва, смалакураньне, тартачныя рэчы). Харугвы зь сьпецыялізацыяй. Націск на краязнаўства і рэгіёназнаўства Беларусі і сумежных абшараў (асабліва гістарычна беларускіх этнічных тэрыторыяў). Дзяржпадтрымка волатаўства, але арыентацыя на самаразьлік адзінак праз складкі, збор дабрачыннасьці й рэалізацыю вырабаў/ паслугаў. З волатаў--вырастуць беларусы. | | Monday, January 18th, 2010 | | 1:15 pm |
БОЛЬШАСЬЦЬ, ШТО ВЫМАГАЕ ДАПАМОГІ
Праз бальшыню сваёй гісторыі беларусы (пад рознымі этнонімамі і палітонімамі) змагаліся за сваё існаваньне супраць малых групаў, што падступным чынам узьбіваліся на чало і тады зьверху праводзілі эксплёатацыю і этнацыд, прадавалі народ і самыя салодка елі і мякка спалі на ягоным горы ды бядзе. Стагоддзямі гэтае змаганьне было пасыўным--праз уцёкі ў горад, асыміляцыю, эміграцыю. Толькі ў канцы 1980-х змаганьне стала актыўным. І гэта адразу прывяло да выніку--сваёй дзяржавы. Цяпер тая большасьць, што надалей працягвае пасыўнае змаганьне, гэтым разам супраць зусім ужо дробнай і мізэрнай купкі сваіх манкуртаў--павінна ўсьведаміць, што толькі актыўнае змаганьне, як і ў 1991, можа даць вынік. | | Thursday, December 31st, 2009 | | 11:23 am |
БЕЛАРУСКІ СІНКРЭТЫЗМ
Хрысьціянства ў Беларусі й сьвеце ўжо пераўтварылася ў акварыюм сярод віруючага мора. Усярэдзіне яго ціха і спакойна. А вонкі б'ецца мора, хвалюецца рэальнае жыцьцё. І экзатычныя рэліктавыя рыбкі, біскупы і мітрапаліты, не маюць з гэтым жыцьцём ніякіх амаль зносінаў і разуменьня. Выйсьцем можа і мусіць стаць традыцыйная беларуская вера, загнаная пад зямлю і ў падсьвядомасьць, але тым не менш ня зьнішчаная. Толькі суполу з лепшым і жывым у хрыстьціянстве, абедзьве веры перамогуць пачварную навалу, што вісіць над душой беларуса. | | Tuesday, November 3rd, 2009 | | 9:32 am |
Паліцаі і супрацоўнікі НКВД
. Антыгероі беларускай гісторыі, паліцаі і супрацоўнікі НКВД, гэтыя прафэсйныя групы амаль 70-гадовай даўніны--дасёньня ў актыўным прапагандысцкім ужытку. Яны выкарыстоўваюцца ў Беларусі як дубіны адпаведна прыхільнікаў незалежнасьці і прыхільнікаў расейскага падпарадкаваньня. І хоць дубіна супраць “паліцаяў-людажэраў” значна лепей раскручаная і ўбітая ў галовы, дубіна супраць “людажэраў з НКВД” значна больш цяжкая і зьнішчальная. Хаця-б таму ўжо, што паліцаі забівалі узброеных партызанаў, у баях. Поруч з нейкай колькасьцю мірнага насельніцтва—і за гэта адказваюць перад гісторыяй. Але супрацоўнікі НКВД забівалі выключна бяззбройных людзей. Таму гэтай цяжкой дубінай неабходна біць прыхільнікаў расейскага падпарадкаваньня, пакуль іх не застанецца на нашай зямлі. | | Thursday, September 17th, 2009 | | 6:06 am |
Сьвята-трагедыя
. 70 год таму пакроенае цела Беларусі было састаўленае разам, ды не напоўна. Адна гістарычная несправядлівасьць спынілася, другая прадоўжылася. У Бацькаўшчыны вырвалі сэрца--Вільню. У яе вынулі душу--культуру і мову. Плоць ад плоці яе, Дзьвіншчына, Смаленшчына, Беласточччына, Браншчына--застаюцца цяпер забраным краем. Сёньня мяжа, што была за Негарэлым і Сіняўкай, праходзіць праз сэрцы. Беларусь застаецца падзеленая. Беларусь яшчэ чакае Аб'яднаньня. |
[ << Previous 20 ]
|